АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,

зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.

Г.У.Зінавенка.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)